top of page

   27 красавіка 1930 года нарадзіўся Май Вольфавіч. Дзесяцігадовы Май нават паспеў скончыць 5 класаў музычнай школы. Вучыўся б і далей. Магчыма, ён бы і стаў музыкам… Але пачалася вайна. І маленькая скрыпачка так і засталася вісець на сцяне іх даваеннай кватэры ў хаце Майзельса ў падпаленым Мінску ў пачатку  чэрвеня 1941 года. 

    11-гадовы  Май у вайну абавязаны жыццём маляванню. У эвакуацыі  яго сям'я перажыла жудасны голад, часам ратавала тое, што ён маляваў для фабрык ва Ульянаўску шыльды і лозунгі да свят — за гэта давалі адзенне і ежу. Пасляваеннае жыццё паступова ўваходзіла ў сваю каляіну. Ён вучыўся ў 42-й сярэдняй школе, а калі скончыў 8 класаў, аказалася, што выбар будучай прафесіі зроблены ўжо даўным-даўно.

   У 1952 годзе Май Данцыг сканчае школу і ў тым жа годзе едзе ў Маскву - працягваць навуку ў найвышэйшай навучальнай установе.  У 1958 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны мастацкі інстытут ім. В. І. Сурыкава . Май Данцыг быў залічаны ў міжнародную мастацкую студыю. У архіве мастака ёсць серыя малюнкаў-партрэтаў удзельнікаў фэсту з розных краін, выкананых рукой яшчэ студэнта, але ўжо майстра. Будучы мастак нават быў у юнацкай зборнай па футболе. У 84 гады, імкнуўся падтрымоўваць форму: рабіў зарадку.

 

   Зрэшты, Данцыг мог бы стаць не толькі мастаком і спартсменам, але і акцёрам. У сярэдзіне 1990-х ён зняўся ў драме Змітра Астрахана “З пекла ў пекла”. Фільм намінаваўся на прэмію “Оскар”. Данцыг іграў  прафесара. На пробах яго кандыдатуру ўхвалілі адразу. У творчай групе сказалі, што і грым не патрэбен.

   Навучанню студэнтаў выяўленчаму мастацтву Май Вольфавіч аддаў 53 гады. З 1958 па 1980 год - старэйшы выкладчык, дацэнт, з 1980-га - прафесар. У 2001-2011 гадах загадваў кафедрай станковага жывапісу. Сваімі вучнямі Данцыг лічыць вядомых беларускіх мастакоў Bасіля Сумарава, Нікалая Казакевіча, Іосіфа Грынберга,  Уладзіміра Ткачова і  многіх іншых. Усё жыццё ён распрацоўваў упадабаныя тэмы: праца, партызанскае змаганне, гарадскі краявід, партрэт сучасніка, побыт і прырода.

  Ярка, глыбока і эмацыйна знайшла ў творчасці мастака  тэма вайны. Тэма вайны ў творах Мая  Данцыга раскрываецца вобразна, натхнёна. І нягледзячы на тое, што вайна - гэта заўсёды гора, смерць, гвалт, жорсткасць, галоўная адметная рыса гэтых прац - іх жыццесцвярджальны пачатак. А ці не гэтая якасць - невынішчальная смага жыцця - дапамагла нашаму народу атрымаць найвялікшую перамогу ў гісторыі чалавецтва, 75-годдзе якой увесь свет адзначае сёлета! Гэтыя ўражанні,  якія ўзрушылі дзіцячую душу, па-філасофску пераасэнсаваныя мастаком з гадамі, ляглі ў аснову многіх яго палотнаў пра вайну. Гэта і “Беларусь - маці партызанская”, “Партызанскае вяселле”, “Партызанская балада”, “Пра Вялікую Айчынную”, “І помніць свет выратаваны...” і многія іншыя. Карціны Мая  Данцыга, прысвечаныя вайне, гучаць магутным гімнам жыццю, дабру і гуманізму.

   Мастак вярнуўся ў свой родны Мінск - горад, у якім ён не проста нарадзіўся і жыў, а горад, які пасля стаў адной з самых яркіх і значных старонак яго творчасці! Май Данцыг пачаў пісаць Мінск адразу ж пасля вайны, сам таго не падазраючы, што піша не проста эцюды, а жывую гісторыю, якая  адраджаецца з попелу горада.

 

  Найважнейшае месца ў творчасці М. Данцыга займае гарадскі краявід. Таму заканамерна, што яго назвалі партрэтыстам Мінска. Усё сваё жыццё мастак пісаў гарадскія краявіды. “Мінск. Вясна 1944”, “Сакавік”, “На бульвары”, “Растуць новыя кварталы”, “Стары і новы Мінск”, “Мінск абуджаецца”, “Верхні горад” і многія, многія іншыя. А такія карціны, як “Мой горад даўнейшы, малады”, “Мой Мінск” і “Песня пра Мінск” сталі сапраўды класікай і ўвайшлі ў залаты фонд мастацтва Беларусі. Карэнны мінчук, мастак чула рэагуе на змены ў абліччы і настроі горада. З якой прагнасцю і апантанасцю імкнецца ён зберагчы, выратаваць і захаваць тое,   што дзівам ацалела ў гады вайны.

  А колькі старых вуліц, гістарычных пабудоў, а часам і ўнікальных помнікаў было знесена і перабудавана так званымі “рэстаўратарамі” ўжо падчас аднаўленчых прац! Май Данцыг - адзіны мастак, на чыіх палотнах і сёння жывуць старэнькія дахі шматпакутнай Нямігі, такія родныя дамы Верхняга горада, што цесна лепяцца адзін да аднаго, і самая апошняя з сінагог Мінска пачатку стагоддзя, так званая “Халодная сінагога”. Замежныя турысты, у апошнія гады прывабленыя ў Мінск імкненнем наблізіцца да сваіх каранёў, могуць убачыць гэты ўнікальны будынак, у якім некалі маліліся іх дзяды і прадзеды, толькі на карціне Мая Данцыга “Мой горад даўнейшы, малады”. Многія мастакі прызнаюць, што пасля Мая Данцыга сказаць пра Мінск штосьці новае на мове мастацтва вельмі цяжка.

  Май Данцыг — народны мастак Беларусі.  Ён быў трыбунам у мастацтве, бо яго думкі гучалі зразумела і амаль заўсёды — маштабна. Ці то калі гэта былі партрэты знакамітых асобаў часу — Алеся Адамовіча, Васіля Быкава  ці Булата Акуджавы, напрыклад. Ці калі апяваў у фарбах родны Мінск. З яго грандыёзных твораў паўстае вобраз грандыёзнай сталіцы — менавіта такое адчуванне ад горада, у якога прага да аднаўлення і развіцця. Такі Мінск можна бачыць па творах мастака, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Творы Данцыга ёсць у Траццякоўцы.  Ды і ў музеях іншых краін свету. Бо нягледзячы на тыя змены, што адбыліся ў сусветным мастацтве, прафесійны, добра выкананы жывапіс застаецца асновай гэтай творчасці.

БІЯГРАФІЯ І ТВОРЧАСЦЬ

Праслухаць біяграфію
bottom of page